Ранняе развіццё дзіцяці. Што гэта такое?

Гадоў 5-10 таму гэтае спалучэнне словаў палохала наша беларускае асяроддзе. Паняцце суадносілася з “адсутнасцю дзяцінства”. Зараз жа ў кожным мястэчку краіны ёсць “Цэнтр ранняга развіцця”, куды мамы і таты прыводзяць дзетак на заняткі.

Некаторыя цэнтры прымаюць дзетак з…увага ! нуля гадоў. Уяўляеце, учора ў жанчыны былі роды, а на заўтра яна ўжо развівае дзяця ў “цэнтры ранняга развіцця”. Я жартую, канешне, пра такое я ня чула пакуль. Але часам, гэта назва дыктуе нейкую новую моду ў грамадстве. Тое, што некалькі гадоў таму было дзіўным і незразумелым, зараз набірае абароты.Час не стаіць на месцы, зямля круціцца, людзі шмат чытаюць і адкрываюць новае. “Ранняе развіццё”- гэта не страшная назва. Гэта цікавая і важная методыка навучання дзіцяці.

Педагогі-класікі адстаюць ад наватараў у тэрмінах пачатку навучання. Дзеці пачынаюць вучыцца як раз у той перыяд, калі рост мозгу ўжо скончаны (каля 7 гадоў). У гэтым выпадку дзіцяці сапраўды не па сілах тая нагрузка, якую яму прапануюць у школе. Ён з цяжкасцю навучаецца лічыць, чытаць, яму цяжка даецца засваенне пісьма. У далейшым гэта вядзе да ўзнікнення цяжкасцяў ва ўсіх школьных дысцыплінах.

Зыходзячы з гэтага, можна даць другое вызначэнне тэрміну "ранняе развіццё" - інтэнсіўнае развіццё здольнасцяў дзіцяці ў раннім узросце (ад 0 да 2-3 гадоў). Натуральна, што ў такім узросце гэта зусім несумяшчальнае з традыцыйнымі, "Садкова-школьнымі" спосабамі навучання. Гэта нешта зусім іншае. Таму ствараюцца цэнтры, гурткі, садкі і школы, дзе на занятках настаўнікі дамагаюць адкрыць патэнцыял маленькіх вучняў. Яны выкарыстоўваюць методыкі такіх наватараў-педагогаў, як: Доман, Сузукі, Лупан, Зайцаў, Нікіціны, Тропп, Мантэсоры і інш). Дарэчы, самі аўтары не лічаць свае методыкі “раннімі”, яны як раз кажуць, што прапаноўваюць гульні і асяроддзе своечасовае для маленькіх дзяцей. Ніхто з іх не ставіў сабе мэты зрабіць з дзяцей геніяў, задача гэтых методык запусціць мазгавы штурм дзіцяці.

Што ж гэта за такія цікавыя гульні, у якія трэба гуляць з маленькім, каб не згубіць дадзеныя ад прыроды рэсурсы?! Менавіта, хачу акцэнтаваць увагу на слове “гуляць”. Гэта трэба рабіць з дзіцёнкам вельмі доўга. Нават у школьным узрозце. Шмат ведаў прыходзіць менавіта ў гульне.

Важна сказаць, што маленькі чалавек цалкам залежыць ад дарослага і давярае яму ва ўсім. Гэта база развіцця. Да года мама - галоўны чалавек у яго жыцці. І як яна сябе паводзіць, як размаўляе з дзіцёнкам, якія песні спявае, што кажа - гэта для яго ісціна бездакорная. Што ж рабіць маме, каб дапамагчы чалавечку вырасці развітай, цікавай асобай, якая будзе мець імкненне да ведаў, да пазнання свету?

Перш наперш трэба стварыць асяроддзе для развіцця ў сваім доме. Самае галоунае быць цікавай асобай самой, захапляцца чытаннем і хацець навучыць новаму сваёго дзіця. У вашым асяроддзі павінны быць дапаможнікі. Гэта кнігі, кубікі, мячыкі, пазлы, пірамідкі, укладышы, прыродныя матэрыяла і абавязкова ….фарбы. Гуаш. Звычайная прафесійная гуаш. Я ўпэўнена і гэта праверана, што маляванне цудоўна спрыяе на агульнае развіццё. І не важна, што гэта нейкі час будуць проста “калякі”. Творчасці не можа быць шмат!

А праз некаторы час, калі маці спатрэбіцца дапамога, калі яна зразумее, што яе дзіцёнку хочацца большага, чым яна дае, можна завітаць і ў развівальны цэнтр. Дзіцяці будзе вельмі цікава пазнаёміцца з аднагодкамі, падзяліцца сваімі ведамі, паглядзець на іншых. А маме будзе як раз час пагутарыць з іншымі мамамі, трошкі адпачыць і набрацца сілаў і новых ідэй для развіцця свайго маленькага чалавечка!

Любіце сваіх дзетак! Поспехаў!

26.03.2019
Аўтар: Анастасія Лісоўская