Павел Севярынец: абаронім "Добрую волю"!
| Міністэрства адукацыі Беларусі накіравала скаргу ў Мінюст на грамадскае аб'яднанне «Добрая воля». Скаргу за спробу членаў арганізацыі прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці чыноўнікаў Мінадукацыі за злоўжыванні і правапарушэнні, дапушчаныя ў дачыненні да прыёмных сем'яў і дзяцей-сірот, паведамляе сайт bchd.info. |
Пасля гэтага Мінюст узбудзіў судовую справу аб прыпыненні дзейнасці арганізацыі, якая дзейнічае з 1998 года і спецыялізуецца на абароне правоў дзяцей, у прыватнасці дзяцей-сірот.
Сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец, які адбывае пакаранне за Плошчу ў Купліне, лічыць пераслед "Добрай волі" абуральным:
"Грамадская арганізацыя дапамагае мноству сіротаў, ладзіла яна і эфектыўныя кампаніі супраць алкагалізму ў Мінску – рабіла тое, што мусіць рабіць дзяржава за бюджэтныя сродкі і чамусці не робіць. А хрысціяне, якія замаюцца гэтым добраахвотна і ўласнымі сіламі – раптам па-за законам. Звяртаюся да беларускай грамадскай супольнасці – абаронім "Добрую волю"!"
