Жыхары Курасоўшчыны просяць міжнародны суд узбудзіць крымінальную справу супраць А.Лукашэнкі

У Курасоўшчыне адбыўся сход жыхароў, на якім акрамя іншага падымалася пытанне дапамогі палітзняволеным, і асабліва Сяргею Каваленка. Пра гэта прэсслужбе Добрай волі паведаміў сёння адзін з удзельнікаў сходу Ян Грыб.

“Мы з болем і адчаем крычым на ўвесь свет: людзі, ратуйце беларускіх палітвязняў!!!”-кажа спадар Ян.

Сучасны рэжым адчувае сябе нічым не стрыманым у гвалце супраць беларускага народа, кажа спадар Ян. Палітвязні як сядзелі ў турмах, так і сядзяць, толькі меры іх утрымання рэзка мяняюцца ў бок нястрыманай жорсткасці.

Апошняй кропляй сталі неімаверныя здзекі над Сяргеям Каваленка, якога трымаюць за кратамі толькі за тое, што ён вывесіў беларускі нацыянальны сцяг у грамадскім месцы. У якой яшчэ краіне магчыма, каб людзей кідалі у турму за тое, што яны вывесілі нацыянальны сцяг?

Мужны чалавек Сяргей Каваленка ў знак нязгоды з такім гвалтам трымае доугатэрміновую галадоўку (больш за 50 дзён), яму пагражае смяротны зыход. Але яго ўсё роўна працягваюць утрымліваць за кратамі.

“Мы з болем і адчаем крычым на ўвесь свет: людзі, ратуйце беларускіх палітвязняў!!!”-кажа спадар Ян.

На сходзе быў прыняты зварот да міжнародных арганізацый, да урадаў і парламентаў усіх краін, да Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з просьбай падтрымаць Беларусь і узбудзіць у міжнародным судзе крымінальную справу супраць галоўнага гвалтаўніка - А.Лукашэнкі. Зварот будзе накіраваны ў амбасады і у прадстаўніцтвы міжнародных арганізацый. Таксама ініцыятары звароту будуць шукаць магчымасць перадаць зварот асабіста ў рукі кіраўнікам замежных краінаў.

Віктар Корс