Заява Хрысціянскай Фракцыі (праект).
Мы, сябры Беларускай хрысціянскай дэмакратыі прытрымліваемся меркавання, што хрысціянскія прынцыпы, заяўленыя ў Праграме партыі, у першую чаргу павінны быць рэалізаваныя ў унутрыпартыйным жыцці. Немагчыма прынесці хрысціянскія каштоўнасці ў палітыку, калі яны не стануць нормай паўсядзённага жыцця кожнага з нас.
Таксама нас яднаюць не толькі хрысціянская мараль і хрысціянскія каштоўнасці, але і постаць Таго, Хто іх увасобіў і нам даў - постаць Госпада Ісуса Хрыста.
Хрысьціянская дэмакратыя прадугледжвае напаўненьне дэмакратычным і духоўным зместам усіх без выключэньня сфер грамадскага і асабістага жыцьця.
Таксама партыя, калі яна хоча мець аўтарытэт і уплыў на грамадства, павінна быць выразнікам памкненняў людзей, быць побач з людзьмі і даваць адказы на актуальныя праблемы. Ні адна вострая праблема грамадства не павінна быць пакінутай без увагі.
Добрае імя лепш за вялікае багацце (Прыпавесці Саламона 22:1). Мы дорага цэнім нашае добрае імя і устрымліваемся ад усяго, што можа паставіць яго пад пагрозу. У любых выпадках мы паступаем правільна, незалежна ад кошту, які прыйдзецца заплаціць.
Хрысціянская фракцыя выступае за (п. 2.8. Праграмы):
- Народаўладдзе. Адзінай крыніцай улады з'яўляецца народ. Аналагічна адзінай крыніцай улады ў партыі з'яўляецца партыйная маса.
- Палітыка нацыянальных інтарэсаў павінна быць стрыжнем усёй унутранай палітыкі Беларусі. Аналагічна і палітыка партыйных інтарэсаў (а не інтарэсаў асобных кіраўнікоў) павінна быць стрыжнем палітыкі партыі. Ні ў якім выпадку недапушчальна рабіць інтарэсы кіраўніцтва вышэй інтарэсаў партыйнай масы. Не народ для урада, а урад для народа.
- У грамадзтве (і ў партыі) павінны паважацца правы кожнага чалавека, дапускацца плюралізм думак (п. 4.4. Праграмы).
- Цэнзура не дапускаецца. Кожны мае права на атрыманьне і распаўсюджаньне інфармацыі. Дзяржава (і партыя) не можа перашкаджаць свабоднаму абмену інфармацыяй. (п. 5.6. Праграмы).
- Салідарнасьць - гэта гатоўнасьць кожнага чалавека падтрымліваць адзін аднаго, узаемадапамога людзей. Салідарнасьць дае тое, чаго не магчыма дасягнуць прымусам. Гэта падмурак. (п. 5.8. Праграмы).
- Неабходнасьць духоўнага абуджэньня, адраджэньня ў людзкіх душах стваральнага, аптымістычнага, хрысьціянскага й патрыятычнага сьветапогляду - найпершая, найгалаўнейшая місіяй хрысціянскай дэмакратыі.
Усё, што спрыяе выкананню гэтай місіі, з’яўляецца добрым, і мы гэтым будзем займацца. Усё, што не спрыяе гэтаму, з’яўляецца злом, і мы ад гэтага ўхіляемся.
