Малітва за Беларусь (скарочана)

Уладару Госпадзе Божа наш, прыхілі вуха Тваё, і пачуй нас, як мы молімся да Цябе, да Тваёй ўлады і сілы.

Прымі, Госпадзе, нашыя малітвы за краіну нашу і народ наш беларускі. Вызвалі кожную душу ад усякага роду рабства — і ад страху, ад злосці, і ад зайздрасці, ад распусты, ад п'янства, ад усіх грахоўных путаў і ланцугоў. Пакажы кожнай душы святло ў цемры, адчыненыя вязніцы, выведзі змучаныя душы на свабоду, з цемры ў цудоўнае Тваё святло. Хай будзе звязаная Сілай Гасподняй ўсякая сіла злая, якая хацела б трымаць народ наш у рабстве, і змучаныя душы хай выйдуць нарэшце на свабоду, з улады цемры ў Царства Святла.

Памяні, Госпадзі, існых у вязніцах, і ў ланцугах, і ў бедах, і ў плачах, і ў пакутах. Вялікая Твая ласка ды прыйдзе да іх. Дай пацяшэння сэрцу іх ад Cвятога Твайго Жыватворчага Духа, каб яны спатоліліся і славілі Тваю Ласку.

Молімся Табе, Госпадзе, за ўсіх людзей, але найперш, па Слову Твайму, за начальствуючых у нашай краіне, каб весці нам жыццё ціхае і спакойнае ва ўсякай справядлівасці і чысціні. Молімся за тых, хто не хочуць раскайвацца, але зацятыя ў сваіх злых дзеях. Просім Цябе, Госпадзе, абарані наш народ і нашу краіну ад іх.

Хай згінуць яны з нашай зямлі, хай зваляцца яны ў яму, якую самі выкапалі. Усякае зло, якое яны замыслілі, хай прыйдзе на іх, і па Слову Твайму хай спаліць іх надыходзячы дзень. А для нас хай узыйдзе Сонца Праўды і ацаленне ў промнях яго.

Хай згіне ўсякая варожасць, нячыстасць і зло. Хай ўбачаць змучаныя душы новае жыццё, без злосці і нянавісці, жыццё ў радасці і ў любові, і ў супакою.

Яшчэ малім Цябе, Божа Усесьвяты, абарані краіну нашу ад усякага зла: ад агню і патопу, і марнай смерці, ад голаду і пошасці, ад міжусобнай варожасці, і ад нашэсця іншапляменцаў, і краіну нашу супакоем аслані, і супраць ворагаў нас ўмацуй, людзей памнож, зямлю зрабі ўрадлівай, і ўсіх палонных дадому вярні.

Прабач нас, Ойча Наш, бо мы зграшылі. Адпусці нам, Айцец наш, бо мы правініліся. Прабач нам усякі грэх наш, якім зграшылі мы сёння, учора альбо трэцяга дня па слабасці нашай ці выпадкова - словам, думкай, учынкам ці занядбаннем. Прабач, дзе мы не любілі Госпада ўсім сэрцам, не любілі бліжніх як саміх сябе, не паважалі старэйшых, крыўдзілі слабейшых, былі злымі, сквапнымі, пыхлівымі, пажадлівымі, недавольнымі. Прабач грахі нашых продкаў, ідалапаклонства, забойствы, праліццё крыві і усякі грэх. Мы адракаемся ад сатаны і ад усіх учынкаў яго. Па Слову Твайму ачысці нас ад усякай няпраўды. Дзякуем Табе, што Ты адпускаеш і прабачаеш. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які чуе малітву і шмат даруе.

Паглядзі на нашыя бедствы і заступіся за нас, і выратуй нас хутчэй дзеля Імя Твайго, бо магутны Збаўца Ты. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Збаўца наш.

Затрубі рогам вялікім на свабоду нашу, падымі сцяг, каб сабраць выгнаннікаў, збяры нас разам з чатырох краёў зямлі. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які збірае вандроўнікаў народу Свайго.

Вярні нам справядлівых суддзяў нашых па-ранейшаму, адхілі ад нас смутак і стогн, і валадаруй над намі Ты адзін міласціва і судзі нас справядліва. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, Які любіць літасць і правасуддзе.

Дай супакой, дабро, блаславенне, прыязнасць, ласку і спачуванне нам і ўсяму народу. Блаславі нас, Ойча Наш, Святлом Ліка Твайго, бо гэтым Святлом даў Ты нам, Госпадзе, Закон жыцця, любоў да дабрачыннасці, справядлівасць, ласку, жыццё і супакой. Хай будзе заўгодна Табе блаславіць народ заўсёды і ва ўсякі час супакоем.

Хай будзе воля Твая, Госпадзе, Божа Наш, падараваць кожнаму ўсё яму неабходнае, і кожнай істоце тое, што ёй не хапае. Бласлаўлёны Ты, Госпадзе, уважлівы да малітвы.

Слава Госпаду Богу Ўсявышняму сёння, заўсёды і на вякі вякоў. Амінь.